"Наша арт-прастора — партызанская"

— ZNYATA пра супольнасць беларускіх фатографаў, сваім вэбсайце і забароне выстаў.

26.05.2020

Аўтар артыкула: Юрый Хлапонiн

Усе фотаздымкі прадастаўлены фотопорталом ZNYATA

Трылогія праектаў беларускай фатаграфіі. Частка трэцяя. ZNYATA

Магчыма, адзін з першых інтэрнэт-праектаў у сферы беларускай фатаграфіі, ZNYATA быў створаны яшчэ ў 2004 годзе з мэтай яе папулярызацыі. На дадзены момант, гэта шматфункцыянальная платформа, якая ўключае ў сябе: агляды беларускіх і замежных фатографаў, падзей са свету фатаграфіі, інтэрв'ю, аналітыку.

Мы пагаварылі з кіраўніком праекта, Сяргеем Міхаленкам, даведаліся, чым жыве ZNYATA цяпер.

Юра: Гэты праект — больш аб беларускай фатаграфіі, ці ён ахоплівае дадзеную сферу ў цэлым?

Сяргей: Пачынаўся ён як праект выключна для беларускай фатаграфіі. Была мэта — сфармаваць супольнасць беларускіх фатографаў, сабраць іх, паказаць, што тут таксама нешта ёсць, даць пляцоўку, пісаць пра іх. У гэтым асяроддзі ёсць шэраг праблем — у нас няма пераемнасці, матывацыі, дэманстрацыі (таму што не было ні галерэй, ні пляцовак). Мы збіралі матэрыялы, у тым ліку архіўныя, гістарычныя. Дарэчы, калі рабяты рабілі праект "Гісторыя беларускай фатаграфіі", яны шмат запазычылі з нашага праекта

Потым, мы пачалі дэманстраваць не толькі беларускую фатаграфію — жывучы ў адной прасторы, нельга замыкацца на сабе, трэба развівацца. Я не лічу, што беларуская фатаграфія дрэнная, проста ў пэўны момант яна зацыклілася ўнутры самой сябе, і развіцця не было. Праз пэўны час працэс пайшоў — інтэрнэт, магчымасці, удзел у конкурсах. Але ўсё ж, у нас яшчэ дастаткова партызанская арт-прастора — кожны сам за сябе, цэльнай супольнасці ў нас так і няма.

Ю: Да 2019 года праект называўся znyata.by з чым звязаныя перамены цяпер (цяпер праект знаходзіцца на сайце znyata.com)?

Сяргей: Наадварот, праект заўсёды быў znyata.com. у 2019 годзе, думаючы, што рабіць з праектам далей, вырашылі зрабіць на новым "дзвіжку". Але, зноў жа, з-за адсутнасці фінансавых сродкаў, мы вырашылі памяняць дызайн, рэбрэндынг, то бок, стары сайт перанеслі на іншы дамен, а znyata.by зрабілі архіўным. На. com перанеслі частку менавіта артыкулаў.

Ю: Якая асноўная аўдыторыя Znyata, ці адсочваеце Вы яе?

Сяргей: Так, вядома, праўда за апошнія гады крыху менш - паралельна з гэтым праектам я старшыня Саюза фатографаў, а да гэтага была яшчэ і студыя ZNYATA.

Усё гэта адсочвалася, у тым ліку і сацсеткі. Дарэчы, за кошт апошніх адбыўся адток людзей з нашага форуму, а там была дастаткова моцная аўдыторыя — барахолка, ці проста спрачаліся, размаўлялі. Пасля пераходу на новы "дзвіжок" аўдыторыя рэзка ўпала - для гэтага проста патрэбны чалавек, які б перапраўляў на новую платформу. Вернецца гэтая аўдыторыя або не — залежыць ад таго, як падтрымаюць праект. Са свайго боку, для гэтага мы будзем праводзіць афлайн-мерапрыемствы.

Адна з выстаў галерэі ZNYATA у ГЦ «Сталіца»

Ю: Вы згадалі студыю Znyata - раскажыце пра яе.

Сяргей: Была студыя, на Кастрычніцкай, калі там яшчэ нічога не было — толькі завод, лёталі пустыя пакеты, рабочыя. На працягу трох гадоў там была наша вялікая фотастудыя.

Акрамя таго, мы арганізоўвалі паездкі па краіне: збіралі фатографаў, заказвалі аўтобус, або на машынах, ездзілі па беларускіх славутасцях - хацелі пазнаць краіну і адзін аднаго.

Наогул, ZNYATA аб'ядноўваў пад сабой некалькі праектаў, у тым ліку і афлайн-мерапрыемствы. Мы праводзілі выставы: у кінатэатры "Цэнтральны", ГЦ "Сталіца, часта нават на дзвюх пляцоўках адначасова. Потым, адбылася сітуацыя, калі Мінгарвыканкам пачаў забараняць праводзіць выставы, мы спынілі гэтую дзейнасць.

Выстава Сяргея і Дзмітрыя Брушко «Мы» ў галерэі ZNYATA ў кінатэатры Цэнтральны 

Ю: З чым быў звязана забарона?

Сяргей: Дзіўная сітуацыя адбылася — на адну з выстаў прыйшоў, я так разумею, афіцэр Камітэта, і ўбачыў там спалучэнне белага, чырвонага, і белага. Тады як раз была чорна-белая выстава, там былі фатаграфіі з мерапрыемстваў. Ён прыйшоў да арандатара, зладзіў разнос, прыехалі міліцыянты. З тых часоў пачаліся праблемы. Нейкі час ZNYATA забаранялі прадстаўляць як інфармацыйнага партнёра.

Ю: Для чаго ZNYATA ўдзельнічае ў #Артпраязны?

Сяргей: Усё вельмі проста — у папярэднія гады была магчымасць падтрымліваць праект за кошт сваіх уласных сродкаў. Сёлета ўсё нечакана змянілася — у сувязі з крызісам, каранавірусам. Таму мы і ўдзельнічаем у гэтай праграме, паглядзець, наколькі людзі гатовыя падтрымаць праект. Калі мы зможам сабрацца — ZNYATA будзе жыць.

Ю: ZNYATA - некамерцыйны праект, аднак, мае патрэбу ў сродках.

Сяргей: У розныя перыяды было па-рознаму — быў час, калі рэдакцыя складалася з пяці-шасці чалавек, і грошы ішлі, па-першае, на хостынг сайта, а таксама на аплату артыкулаў для аўтараў (каманда ZNYATA — у асноўным журналісты, не фатографы). Акрамя таго, мы праводзілі выставы — на гэта таксама сыходзяць сродкі і час.

Фотапленэр і «знятовка» у Гродна