Трылогія праектаў беларускай фатаграфіі. Частка першая.

VEHA

28.04.2020

Аўтар артыкула: Юрый Хлапонiн

Праект займаецца збіраннем аматарскіх архіўных фатаграфій, зробленых у Беларусі на працягу мінулага стагоддзя. Фатаграфіі збіраюцца вакол пэўнай тэматыкі-святкаванне Раства, асаблівасці вясельных абрадаў, пахавальныя фатаграфіі…

VEHA існуе з 2017 года, за гэты час выйшла кніга "Найлепшы бок" - фотаальбом архіўных фатаграфій з розных кутоў Беларусі, з экспертным аналізам этнаграфічных і візуальных асаблівасцяў. Акрамя таго, праект, на аснове сабраных матэрыялаў удзельнічае і арганізоўвае выставы. У бліжэйшы час VEHA плануе запусціць падкасты.

Выстава VEHA "Дзявочы вечар"

Падрабязней пра VEHA распавядае яго арт-дырэктарка, Леся Пчолка: 

VEHA-гэта ініцыятыва, якая працуе над праектамі "Найлепшы бок", і"Дзявочы вечар". Мы працуем з архіўнымі і сямейнымі фотаздымкамі, гісторыяй штодзённасці. Наша мэта - прыцягнуць увагу да захавання фотаархіва, і папулярызацыі яго ў грамадстве, паказаць, што гэта такі ж гістарычны дакумент, які можа многае расказаць пра мінулае, таго што не раскажуць падручнікі па гісторыі.

Акрамя гэтага, мы праводзім курс па працы з сямейным архівам, чытаем лекцыі, але асноўная сфера складаецца ў працы з аматарскімі фотаздымкамі.

Юра: Якім чынам вы знаходзіце здымкі?

     Леся: Калі мы аб'яўляем калекцыю, як, напрыклад, у наборы "Найлепшы бок" - гэта былі партрэты на фоне тканых дываноў, на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Мы аб'яўляем тэму, і нам дасылаюць адсканаваныя фатаграфіі на пошту.

Таксама было і з "Дзявочым вечарам" - гэта вясельныя фатаграфіі, зробленыя ў Беларусі да 1985 года. Такім чынам, мы збіраем фотаархіў, з розных сямейных фотаархіваў па ўсёй Беларусі, каталагізуем, апрацоўваем яго, сістэматызуем, публікуем на сайце veha.by. Кожная фатаграфія падпісана - адкуль яна і калі створана. Мы як бы пасярэднікі паміж адпраўнікамі і даследчыкамі.

Акрамя гэтага мы адпраўляем запыты ў этнаграфічныя Музеі Беларусі. Калі ў іх ёсць такія фатаграфіі, яны іх нам дасылаюць, хтосьці адказвае, хтосьці не. Такім чынам, наш архіў фармуюць 340 чалавек, і 17 этнаграфічных музеяў.

Крытэрыі, для таго каб фатаграфія трапіла ў калекцыю: першы і агульны - фатаграфія павінна быць зроблена на тэрыторыі Беларусі. Другі - залежыць ужо ад тэмы праекта.

Ю: Гледзячы на гэтыя фотаздымкі, ці можна выдзеліць агульныя рысы, уласцівыя людзям той эпохі?

     Л: Мы працуем над візуалам, для нас цікавая не сама гісторыя, якая стаіць за фатаграфіяй, а працэс - як людзі аб'ядноўваюцца, што іх матывуе, чаму яны дасылаюць свае фатаграфіі, як яны потым з'яўляюцца ў кнігах. Усё гэта - такое ўзаемадзеянне ў супольнасці, я лічу гэта самым каштоўным, што ёсць у VEHA.

Так, можна зрабіць пэўныя высновы, праглядаючы здымкі на нашым сайце. Але тое, што вы там ўбачыце - рэч выключна суб'ектыўная, усё залежыць ад нашага асабістага вопыту. Мы можам бачыць тыпажы, альбо не бачыць іх, розны сацыяльны або матэрыяльны статус. Розныя пакаленні людзей будуць па-рознаму глядзець на фатаграфіі з калекцый.

Калі мы робім калекцыі, акрамя яе збору, правядзення выставы, мы праводзім даследаванне, адлюстраванне якой потым можна знайсці ў кнізе, у якой ёсць візуальны, сацыялагічны, псіхалагічны аналіз. Як раз у кнізе "Найлепшы бок" ёсць дасылкі розных экспертаў па гэтых напрамках.

 

Цяпер мы рыхтуем выданне другой кнігі, "Дзявочы вечар", там будзе падымацца тэма становішча жанчыны ў грамадстве, спроба ацаніць гэта з гістарычнай пазіцыі. Мы таксама плануем запісаць падкасты, абмеркаваць усё гэта - кожнае дзесяцігоддзе, што адбывалася з жанчынамі ў гэты час, як змянялася мода, традыцыі, звычаі.

Ю: Чаго цяпер не хапае VEHA і дзеля чаго ініцыятыва ўдзельнічае ў #Артпроездной?

     Л: Мы існуем як незалежная ініцыятыва, нікім не фундаваная, асноўныя нашы выдаткі датычацца правядзення лекцый, публічных мерапрыемстваў, курса па працы з сямейнымі архівамі. Зараз гэтага ўсяго няма - афлайнавых праектаў. Усё, што мы можам- альбо працягваць працу над астатнімі праектамі, альбо нашай невялікай камандай пакінуць гэта ўсё.