Валерыя Дэле

31.03.2020

Аўтар артыкула: Юрый Хлапонiн

Фота перададзены Валерыяй Дэле

Інтэрв’ю з Валерыяй Дэле - беларускай музыкай, вакалісткай гурту Dee Tree. Пагутарылі пра новы альбом, пра тое, як гэта - быць соўл-музыкай у Беларусі, свае карані, планы на будучыню.

Юра: З чаго ўзнікла ідэя стварыць Dee Tree?

Валерыя: Усё пачалося з суполкі  By Soulfam, якая арганізавалася вакол “Ў бара”, дзе тады быў арт-дырэктарам Дзяніс Бародзіч. Ён тады быў вельмі захоплены джэмамі, соўл, фанк музыкай. І аднойчы ён вырашыў арганізоўваць джэмы, кожны чацвер. Гэта ўсё цягнулася больш за год, і напрыканцы году там было вельмі шмат людзей, шмат інструментаў, барабанаў, духавых, вакалістаў назбіралася шмат. Амаль усе, з Dee Tree, мы там пазнаёміліся, і вырашылі - часам нам хацелася б не толькі імправізацыі (тая суполка была засяроджаная толькі на імправізацыі), нам хочацца нешта падрыхтаванае граць. Мы зрабілі групу - ініцыятарам гэтага быў бубнач, Юрый Звераў, назваліся Dee Tree

Ю: Ваш дэбютны альбом - “All is 111” - выйшаў у чэрвені мінулага года. Пра што гэты альбом?

В: Назва гэтага альбому, насамрэч, добра пасуе да таго, што адбываецца ў альбоме. Гэта цяжка растлумачыць. Па-першае, у адной з песень ёсць словы “All is one”, і мы разумеем, што: “Усё адно”, і гэтак далей. Таксама ёсць такі момант - гэта быў грув, то бок, барабаны з гітарай, альбо, нешта на клавішах, і гэтая музычная ідэя называлася проста: “111”, “111!”, альбо: “Грув Філіпа”, “Грув Леры”. Маецца на ўвазе, што ўсе песні на альбоме пачыналіся, як “111”, а толькі потым мы надавалі ім нейкі сэнс, думалі над канцэпцыяй, і ўжо ўтваралі яе ў жыццё. Такім чынам, усе песні “111”, не маюць нейкага сэнсу, пакуль ты сам яго не надаш.

Ю: Вы зараз распавялі, у чым сутнасць назвы альбому, а ў чым сэнс назвы гурта?

В: Ні ў чым. Мы доўга спрачаліся, было шмат варыянтаў, напрыканцы, усем гэта надакучыла, і мы вырашылі, дэмакратычна, галасаваннем у некалькі этапаў - у рэшце рэшт, засталася адна назва. “Tree” - усем падабаюцца дрэвы, а “Dee”  ўжо і не ведаю. Варыянты былі жудасныя, таму, з “Dee Tree” нам пашанцавала.

Ю: Наколькі складана зараз маладому гурту, фактычна з нуля, запісаць альбом?

В: Для нас гэта склала, па сутнасці, дзевяць месяцаў. Цікавае было ў тым, што, першыя шэсць месяцаў мы нічога не рабілі - гэта было ўсё так марудна, мы ўдасканальвалі, думалі… Але потым мы паглядзелі, што атрымоўваецца, і зразумелі - калі мы будзем так працягваць, мы нічога не запішам, таму, трэба неяк за гэта ўзяцца, і эфектыўна падысці. І за 3-4 месяцы мы дапісалі астатні матэрыял.

Наконт запісу у нас не было складанасцяў, у нас усё DV - электронныя барабаны, бас і вакал мы пісалі дома. Мне здаецца, зараз, ва ўсіх людзей ёсць магчымасць карыстацца abletone live, logic pro, рознымі праграмамі для запісу гуку, можа ён не будзе топавым па якасці. але запісаць альбом - зусім не цяжка.

Ю: У вас быў альбомны тур, я так разумею, не толькі па Беларусі. Чым запомніўся?

В: Так, у асноўным мы былі ва Украіне, Расеі, і Літве. Нас успрымалі вельмі цёпла, вельмі добра. Цікава, што ў Маскве мы былі тры разы, пры чым, першы раз на сцэне было 5 чалавек, а ў зале - можа, 10! Бо мы нешта не дадумалі, недапланавалі з маркетынгам. Але ўсе прысутнія былі задаволеныя.

Ю: Публіка ў асноўным беларуская?

В: Не. У Маскве на другі, трэці раз было значна больш людзей. І гэта былі тыя, хто проста недзе пра нас чуў, у нейкіх суполках. Там было некалькі сяброў сяброў, але з большага гэта былі простыя людзі.

Ю: Што для Вас соўл-музыка, чаму гэты жанр (незвычны ў беларускіх умовах)?

В: Зараз гэта ўжо не толькі соўл - гэта і дыско, хіп-хоп, фанк, як мінімум, у гэтых жанрах таксама. Але соўл - я б ніколі не казала, што гэта сумная музыка. Напрыклад, Марвін Гей - гэта радасна, ён нясе гэту радасць. Соўл, па большай частцы, ён радасны, светлы, настолькі, што ты адчуваеш любоў, нейкі свет.

Ю: У чым тэматыка Вашых тэкстаў?

В: Яны ўсе - пра рознае, пішу я іх, зазвычай, доўга. Мой самы ўлюбёны тэкст - “Aba Defar”, таму што там расказваецца пра сапраўднага чалавека, якога так клічуць. У Эфіопіі шмат хрысціян, і там ёсць царквы, якія знаходзяцца ў гары  - ёсць горная парода, у якой “выдзёўбваюцца” царквы. Большасць з гэтых храмаў вельмі старыя, яны пабудаваныя ў 12-13 стагоддзі. Але ў 20 стагоддзі жыў хлопчык на імя Aba Defar, які таксама вырашыў выдзёўбваць храмы з гары, і калі з ім рабілі рэпартаж BBC, яму было ўжо пад 70 - ён збудаваў чатыры царквы, адзін! Кожны дзень, з вельмі простымі прыладамі, дзяўбе гару.

Для мяне гэта вельмі прыгожая гісторыя - чалавек адзін змог такое зрабіць. І гэта цуд! Але і класна, што гэта рэальнасць, мы можам паглядзець на іх, нават калі мы не там, гэта рэальная гісторыя!

Ю: На якой мове Вам лягчэй рабіць тэксты - беларускай ці ангельскай?

В: На ангельскай, таму што яна вельмі добра адносіцца да розных гульняў са словамі, да таго, каб нешта рабіць цікавае, таму на ангельскай мне больш падабаецца пісаць. Ёсць такія рэчы, якія толькі ў ангельскай мове, яны спрыяюць таму, каб пісаць на ёй тэксты.

Ю: Магчыма, на беларускай мове нязвычна выконваць, ці яна недастаткова прыстасаваная?

В: У беларускай мовы ёсць вялікая праблема - паколькі зараз яна ў такім стане, што гэта не нейкая распаўсюджаная мова, дзе вельмі зразумелыя нейкія правілы, і ўсё так вядома. Я ведаю два ці нават тры тыпы беларускай мовы, якія людзі прасоўваюць і ўжываюць як адзіны тып. Самае галоўнае - вельмі шмат людзей, калі хтосьці штосьці піша на беларускай мове, напрыклад, калі б я пісала на расейскай, ці ангельскай, было б зразумела - вось, гэта я наўмысна зрабіла. Таму што яна ў такім стане зараз - ёсць нейкі пурызм, ты вельмі акуратна ставішся да таго, што ўжываеш, каб гэта не было англіцызмам, ці русізмам. Гэта таксама мяне трохі скоўвае, і прымушае да гэтага вельмі акуратна ставіцца, і пісаць менш па-беларуску. Але гэта і зразумела - яна ў такім стане, што няшмат людзей на ёй размаўляе. І калі не быць пурыстам - яна канчаткова змяшаецца, і стане дыялектам. Хаця гэта і не камфортна для творчай думкі.

Ю: Вы маеце эфіопскія карані, ці ўплывае гэта на Вашу творчасць, якім чынам?

В: Калісьці я сама для сябе правяла лікбез наконт Эфіопіі, каб ведаць, што там адбываецца, якое там палітычнае становішча. І ў мяне ёсць нейкія эфіопскія бонусы, за якія я ўдзячная гэтаму выпадку, калі мая мама выбрала такога мужа. Але я не ведаю - мне падаецца, часам я ўспрымаю музыку іншым чынам, чым людзі, якія з большасці вакол мяне. Але разам са мною музыку граюць нармальныя беларускія людзі, ім падабаецца тое ж, што і мне, таму я не думаю, што справа ў эфіопскасці. Гэта ўсё павінна было б уплываць, але я не адчуваю вялікай сувязі с эфіопскай культурай - я там ніколі не была.

Ю: Чаму пытаюся - Вашае адзенне нагадвае такія сабе афрыканскія стылі.

В: Так, таму што я люблю ўсё яркае. Зімою мне вельмі дрэнна, таму што дамы - шэрыя, людзі ходзяць у чорных вопратках. Не ведаю чаму, але мне гэта вельмі цяжка.

Ю: Што для вас ёсць прыкметай поспеху - чалавечага, музычнага?

В: З чалавечым усё проста - быць шчаслівым, адчуваеш, што робіш тое, што хочаш, там дзе хочаш, і вакол цябе людзі, якія цябе падабаюцца. 

Музычны поспех - гэта калі ты робіш музыку, якая табе цікавая, і ты адчуваеш, што аддаеш ёй усе, што можаш, ты не робіш нейкую пластмасавую рэч, з адданасцю. І калі ты можаш зарабляць сабе на жыццё, можаш сябе забяспечваць - гэты максімальны поспех.

Ю: Дзе Вам працаваць лягчэй - у студыі, у фарматах накшталт 34 mag.net, альбо з публікай?

В: Залежыць ад таго, якая публіка. Часам, калі мы выступаем на мерапрыемствах, дзе не самы вялікі попыт на музыку, там ёсць публіку, але б я не казала, што з ёй прасцей узаемадзейнічаць, альбо ёсць нейкі feedback. Але публіка, якая ходзіць на нашы канцэрты - не тое, каб гэта было прасцей, але гэта ўзнагароджвае цябе. І гэты энергетычны абмен - штосьці вельмі special. Таму мне падабаецца праца з публікай.

Але, наконт 34 music sessions - ёсць такі сіндром, як “эфект чырвонай кнопкі”, калі цябе здымаюць, і разам ты ведаеш гэту песню, хочаш нешта данесці, але раптам у цябе -30% ад таго, што ты можаш зрабіць, проста з-за гэтай чырвонай кнопкі.

Ю: Якія ў Вас планы на гэты год?

В: Мы плануем зрабіць яшчэ адзін рэліз - песні “Дубравушка”, на беларускай мове. Мы думаем зрабіць еўрапейскі тур, але гэта яшчэ таксама не дакладна.

Ю: Ці марыце Вы пра вялікія пляцоўкі, аўдыторыя, ці Вас задавальняе цяперашні стан рэчаў?

В: Як прадстаўнік гурту Dee Tree - на дадзены момант гэта цяжка ўявіць, бо мы не мэйнстрымны гурт. Таму хацелася - але так таксама ок. 

Як чалавек - асабіста я сказала, што хутчэй хацелася б. Таму што, тваю музыку змогуць пачуць больш людзей. Ты зможаш сябе забяспечваць. І гэта крута. Але - заўсёды ёсць кантэнт, які можа гарантаваць цябе шмат праглядаў. І калі цябе гэта непрыемна, гэта не тое, што ты хочаш рабіць - яно не вартуе таго.