“Не:Трогай” - схадзілі на паэтычны вечар і расказваем, што гэта такое

13.01.2020

Аўтар артыкула: Анастасія Рунец

Фота: Мiкалай Аляшкевiч

Перакладчык: Юрый Хлапонiн

18 снежня ў Менску ў прасторы Lo-Fi Social Club прайшоў 31-ы (так напісана ў афішы), ён жа 39-ы (па запэўніванні арганізатара) паэтычны вечар "Не:трогай". Мы таксама там былі і нават пагаварылі з Валерам Пшанічным - чалавекам, які ўсё гэта ўладкаваў.

Не:Трогай - супольнасць, якая праводзіць у Мінску мерапрыемствы рознага фармату, але ў асноўным вядомае дзякуючы паэтычным вечарам. Першы паэтычны вечар быў у 2016 годзе і з тых часоў "не:трогай" займае важнае месца ў літаратурным жыцці горада. Гэта адно з самых папулярных паэтычных шоу, на якім можна выпадкова сустрэць дзяўчыну са свайго ўніверсітэта і даведацца, што яна легенда мінскага андэграўнду, а яшчэ паслухаць вершы ад аўтараў рознай ступені вядомасці і ўзроўню пісьменніцкага майстэрства. Напрыклад, у розны час на "не:трогай" выступалі Андрэй Хадановіч і арганізатар іншага паэтычнага шоу Андрэй Шкілёнак.

Як гэта выглядае?

Пра таймлайн можна даведацца загадзя, калі зайсці ў групу івэнту. Там жа з'яўляюцца анонсы ўсіх удзельнікаў прыкладна за тыдзень да мерапрыемства. У гэты раз на паэтычным вечары выступалі рэпер, музычны гурт і шэсць паэтаў, сярод якіх былі саліст гурта ГОЛАЯ МАНАШКА Фёдар Жывалеўскі, сам Валера і дуэт "Брахун і Падбрэхіч". Апошнія не толькі чыталі вершы, але і паказалі кароткаметражны фільм. У сеціве яго пакуль няма, але яны абяцаюць, што з'явіцца.

На перапынку мы задалі арганізатару гэтага ўсяго - Валеры Пшанічнаму - некалькі пытанняў.

Насця: Гэта ваш трыццаць першы вечар, не лічачы слэмаў і іншых мерапрыемстваў. Як ты думаеш, чаму людзям у XXI стагоддзі цікава слухаць вершы?

     Валера: Наогул, ён трыццаць дзявяты. Людзі прыходзяць, таму што, па-першае, я іх клічу, а па-другое, паэтычны вечар - універсальны фармат івэнту. Гэта не канцэрт і не выстава, а нешта такое, куды ты прыходзіш, таму што ведаеш, што там будуць выдатныя людзі, з якімі ты можаш пагаварыць, а можаш паглядзець, што адбываецца на сцэне, проста пазаліпаць. Гэта фармат, які ні да чаго не абавязвае. Я хадзіў на многія івэнты. Нешта здаецца занадта сумным, нешта здаецца занадта вясёлым, а паэтычныя вечары - залатая сярэдзіна.

Н: Я была прыкладна на 15 вечарах, а ёсць гледачы, якія наведалі іх усе?

     В: Многія з выступоўцаў. Ёсць людзі, якія ходзяць наогул на кожны вечар, нават я не на ўсіх быў. Іх даволі шмат, гэта і ёсць наша супольнасць. Зараз мы ствараем уласнае месца: арандавалі пляцоўку і робім там рамонт. Гэта будзе рэпетыцыйная база і месца для івентаў, у тым ліку і начных. Мы хочам рабіць іх часта, ледзь не кожны дзень. У нас ёсць не толькі паэтычныя вечары, але і кінапаказы і шмат яшчэ чаго. Увогуле, ствараем эпіцэнтр андэграўнднай тусоўкі. Калі хтосьці захоча далучыцца і дапамагчы - мы будзем вельмі радыя.

Н: З 2016 года і да нядаўніх часоў паэтычныя вечары Не:Трогай праходзілі ў арт-прасторы "Кісларод". Што змянілася разам з пляцоўкай?

     В: Цяпер мы можам збіраць больш людзей, у мінулы раз прыйшло дзвесце чалавек. Праўда, гук быў не вельмі, але людзі сюды не за ім прыходзяць. У мінулым месцы трэба было плаціць грошы за арэнду, а мы не хочам браць грошы за ўваход. Мы робім гэта на добрых пачатках і ніхто на гэтым не зарабляе. 

 

Lo-Fi Customs Club - вельмі атмасферная прастора. Яно мне спадабалася, калі я прыйшоў сюды ў першы раз. Тут шмат месца, можна зваць больш людзей. А яшчэ яны даюць нам магчымасць рабіць вечары бясплатнымі. Увогуле, Lo-Fi супер. Я ведаю, пра што кажу, з рознымі івэнтамі мы пабывалі ў больш чым дзесяці прасторах у Менску.

Н: Тыповы слухач паэтычнага вечара - хто гэта?

     В: Хацеў сказаць што-небудзь пра філфак, таму што я сам адтуль. Гэта чувак, якога выгналі з філфаку. Ён шарыць ў сучасным мастацтве, і, можа быць, ён тэгае на сцяне прама зараз (хтосьці і праўда тэгаў - заўв.рэд.). Я сачу за статыстыкай гледачоў, і ў нас, дарэчы, хлопцаў і дзяўчат пароўну. Гэта чалавек, які хоча куды-небудзь схадзіць, заходзіць на relax.by у пятніцу, але нічога для сябе там не знаходзіць і разумее, што лепшы выбар - паэтычны вечар. Дакладна магу сказаць, што нашы слухачы - вельмі душэўныя людзі. Усіх ведаю, усіх люблю.

 

На самой справе, у нас сфармавалася свая тусоўка некалькі гадоў таму. Паэтычныя вечары ў Менску нашмат лепш, чым у Піцеры і дзе б тое ні было наогул. Я быў на вечарах ў Піцеры, і яны робяць вельмі дрэнна. Мы імкнемся да ўзроўню, на якім рабілі хлопцы ў бары "ДК" пяць гадоў таму, а яны рабілі вельмі класна. Тады і сфармавалася новая паэтычная хваля ў Менску.

Н: Які вечар твой любімы і чаму?

     В: Іх было так шмат, яны ў маёй галаве як у калейдаскопе. Мы робім вечары тры з паловай гады! Складана назваць лепшы, але, напэўна, гэта 29-й, апошні ў "Кіслародзе". Там чувак прыйшоў у дзіўным касцюме і распрануўся дагала, пакуль чытаў верш. Было вельмі класна.

Н: Рыгор Шабека. Чаму ён не чытае сёння, дарэчы?

     В: Так! Увогуле, гэта было супер, я нават адразу ўспомніў. Ён будзе на наступным вечары.

Н: Які глядач табе асабліва запомніўся і што ён такога зрабіў?

     В: Аднойчы на фестываль "Не трогай" ў якасці гледача да прыйшоў Яўген Зімачка - саліст гурта МУТНАЕВОКА - і выступіў.

 

Я памятаю большасць гледачоў, для мяне яны ўсё запамінальныя, таму што я з усімі знаёмы. Сюды, напэўна, па большай частцы і прыходзяць для таго, каб пазнаёміцца. Людзі проста выходзяць і размаўляюць, усё на адным вайбе.

Н: Лепшае выступленне на "Не:Трогай" на твой погляд?

     В: На адным з першых вечароў у нас выступаў гурт, які ніхто не пераплюнуў па музыцы- rozovoje ghetto. Яны былі вельмі крутымі. Там была дзяўчына ў касцюме ніндзя, якая поўзала па падлозе, грала на дзіцячым піяніна і класна спявала. Гэта проста падрывала мозг!

Мне падабаецца, калі людзі выкладваюцца на выступах цалкам. Толькі што было выступленне дуэта, і яно мне вельмі спадабалася, таму што людзі выклаліся. Мне падабаецца бачыць экзістэнцыю. Было выступленне Сашы Зінгера, ён разбіў на слэме тры сваіх уласных тэлефона і не прачытаў ніводнага верша. Ён проста размаўляў і разбіваў тэлефоны, і гэта было крута. Мне вельмі спадабаўся гэта выступ. Мабыць, вось самыя запамінальныя.