Інтэрв'ю з Ганнай Леньковай

29.01.2020

Аўтар артыкула: Юрый Хлапонiн

Фота: Марыя Маркава

Ганна Ленькова - арганізатар канцэртаў класічнай музыкі ў Беларусі, у тым ліку такіх як "Жоўтыя зоркі" і "Пакуль не ідуць тытры". Рэдакцыя dadalog схадзіла на канцэрт "Жоўтыя зоркі", прымеркаваны да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста і ўзяла ў Ганны інтэрв'ю пра тое, як ідуць справы ў класічнай музыкі ў Беларусі сёння.

Юра: Вы, я так разумею, працуеце ў філармоніі, кім менавіта?

     Ганна: Я прыватны арганізатар. На іх тэрыторыі я арганізоўваю канцэрты.

Ю: Вы прывозіце замежных музыкаў ці вы робіце праграмы з беларускімі?

     Г: І з тымі, і з тымі. У аркестры ў асноўным усе беларусы, але бывае і такое што мы запрашаем у аркестр музыкаў з Расіі. У гэтым годзе ў нас салісты з Расіі, і дырыжор з Аўстрыі (на канцэрце 26 студзеня).

Ю: Якія плануюцца канцэрты ў бліжэйшы час?

     Г: 26 студзеня канцэрт да Міжнароднага Дня памяці ахвяр Халакосту - "Жоўтыя зоркі", у вялікай зале. Да гэтага, 24 студзеня - сольны канцэрт віяланчэліста, Аляксандра Рамма, 27 студзеня ў нас у Брэсце канцэрт з А. Раммам, з камерным аркестрам 23-25 лютага будзе фестываль "Пакуль не ідуць тытры".

Ю: Такія канцэрты праводзяцца не першы год. З чаго паўстала ідэя арганізоўваць іх?

     Г: "Жоўтыя зоркі" паўстаў з асабістай гісторыі - мая прабабуля выратавала габрэйскую сям'ю падчас вайны, яна - Праведніца народаў свету. Так атрымалася, што гэта склалася ў адну ідэю - мною быў знойдзены твор "Жоўтыя зоркі" Ісаака Шварца. Мне ён спадабаўся, і гэты твор стала ядром, назвай праекта. Так гэта склалася 2 гады таму. А потым гэта стала рэгулярна праходзіць. А "пакуль не ідуць тытры" арганізоўваецца ўжо шосты раз.

Ю: То бок, няма такой дырэктыўнасці зверху, плюс ёсць магчымасць зарабіць?

     Г: Так, але некаторыя праекты - некамерцыйныя: фестываль "Пакуль не ідуць тытры" - дабрачынны. Мы дапамагаем дзецям з анкалогіяй, у мінулым годзе мы збіралі дзяўчынцы, хворай на анкалогію, на арфу. Самі мы грошай не сабралі, але знайшліся людзі, якія арфу падарылі.

Ю: На якую аўдыторыю вы разлічваеце, і, як яе плануеце прыцягваць, улічваючы не заўсёды высокую запаўняльнасць на канцэртах класічнай музыкі?

     Г: У нас амаль заўсёды запоўненыя залы. Я сама задзейнічаю сваю інфармацыйную сетку - музычныя школы, каледжы, сацсеткі, выкарыстоўваем платную рэкламу, банеры ў пераходах. Спрабуем з усіх бакоў.

Ю: Вы пражылі два гады ў Італіі. Наколькі адрозніваецца канцэрты класічнай музыкі ў Італіі, Еўропе ў цэлым, і ў нас, у чым адрозненні ў аўдыторыях?

     Г: Складана сказаць, у іх напэўна ёсць больш культуры правядзення гэтых канцэртаў. Для іх гэта як цэлы рытуал, яны ходзяць планава - на барочную музыку, напрыклад. 

У нашых людзей... не трэба апускаць планку да ўзроўню маленькай начной серэнады Моцарта, іх патрэбна прыцягваць іх не лёгкасцю праграм, а нейкім цікавым напаўненнем, таму нам ёсць куды расці, у нас ёсць перспектыва.

Ю: Ці можа класічная музыка стаць калі не мэйнстрымам, то хаця б быць на слыху ў людзей, быць запатрабаванай?

     Г: Я думаю, усе арганізатары канцэртаў у Беларусі, павінны аб'ядноўвацца. Не прыцягваць абы чым, таму што, калі мы будзем ставіць толькі праграму Шастаковіча, людзям будзе цяжка гэта слухаць. Патрэбна "змена карцінкі" - сімфанічны, камерны аркестр, сола, рабіць мазаіку з праграмы, праводзіць сустрэчы музыкаў, напрыклад, лекцыі, канцэрты. Вось зараз барочная музыка набірае абароты. Летась мною арганізаваны канцэрт "Музыка барока. Аўтэнтыка”. І сёлета быў таксама арганізаваны лекцыя - канцэрт. І людзям цікава - яны могуць прыйсці "памацаць" гэтыя інструменты, як гэта ўсё працуе. Музыка барока - самая зразумелая для нас, людзі добра рэагуюць на барочную музыку. Але зноў такі - у нас у Акадэміі музыкі няма факультэта - ёсць клавесін, і арган, струнных у нас няма, таму музыкаў даводзіцца запрашаць з замежжа.

Ю: Ці ёсць асаблівыя складанасці ў арганізацыі канцэртаў класічнай музыкі ў Беларусі?

     Г: Першае - гэта праца з залай. З філармоніяй у нас ўжо сталыя адносіны, хоць бюракратыя ўсё роўна прысутнічае. Самы важны момант, камень перапоны- гэта продаж квіткоў... я да гэтага часу працую над тым, як аптымізаваць гэтае пытанне, якое забірае шмат энергіі. Сабраць аркестр - стала ўжо квэстам для мяне, я гэта раблю кожны год, гэта нават цікава, таму праблемай для сябе я гэта не лічу.

Ю: Як вам здаецца, наколькі папулярнай можа быць класічная музыка, і як вы ставіцеся да таго, як гэта папулярызуецца цяпер (Андрэ Р’ё, 2CELLOS)

     Г: Я ўсё ж такі выступаю больш за чыстыя жанры. Гэта ўсё цікава, але людзі заўсёды імкнуцца ўсё спрашчаць. Я не кажу што трэба ўсё ўскладняць, проста не хацелася б такога мікса, каб класічная музыка зусім не сышла на другі план, таму - хацелася б, каб заставаўся чысты жанр.

Ю: Якая ў Вас асноўная матывацыя для таго, чым вы займаецеся?

     Г: Многія перасталі гэта рабіць. Бюракратычная машына іх паглынула. Мне вельмі падабаецца тое, што я раблю. На канцэртах ты атрымліваеш вялікую аддачу. І калі людзі разумеюць і дзякуюць за тое, колькі намаганняў было на гэта затрачана, ты атрымліваеш задавальненне ад гэтага. Калі хаця б адзін чалавек, які прыйшоў на канцэрт, захавае ў сваім сэрцы часцінку дабра, творчасці і музыкі, калі хаця б аднаму чалавеку адгукнецца, гэта ўжо шмат. Складанне праграм, генерацыя ідэй, арганізацыя праектаў - гэта тое, што я выбіраю кожны дзень. Як з адносінамі. Мець усё, магчы самому ці без, але хацець выбіраць гэтага чалавека кожны дзень, падзяляць з ім жыццё, эмоцыі, радаснае і не вельмі. Гэта маё жыццё! Я люблю яго і ўдзячная за кожны цуд, які здараецца. І не змяніла б нічога з таго, што прывяло мяне туды, дзе я зараз знаходжуся!